«Мікітаў лапаць» Міхася Чарота, «Конскі партрэт» Леапольда Родзевіча, «Прымакі» Янкі Купалы.
Вечар беларускіх вадэвіляў.

Пастаноўка Міхася КРАСНАБАЕВА.

Сцэнаграфія і касцюмы Святланы МАКАРАНКІ.
Музычнае афармленне Арцёма КРАСНАБАЕВА.
Балетмайстар Дзіяна ЮРЧАНКА.

Пакуль народ жартуе, ён жыве. Наш спектакль пра тое, як успрымаюць розныя жыццёвыя сітуацыі памяркоўныя і рахманыя беларусы.

Героі п’есы  “Мікітаў лапаць” Зоська і Саўка кахаюць адзін аднаго і мараць пажаніцца. Але гэтаму перашкаджаюць дрэнныя адносіны іхніх матуль Грыпіны і Дар’і. Маці Саўкі Дар’я нагаварыла Яўмену, мужу Грыпіны, што да яе, калі ён працуе ў полі, прыходзяць мужчыны. Яўмен паверыў гэтай плётцы і пабіў жонку. Грыпіна, трапіўшы ў бяду, становіцца больш мяккай і згаджаецца на шлюб Зоські і Саўкі.

 “Конскі партрэт” –гісторыя пра тое, як мужу-селяніну аднавяскоўцы, сваякі і блізкія даводзяць, што ягоная жонка  выглядае як конскі партрэт. Але калі спадар даведваецца, што ў жонкі ёсць палюбоўнік, пачынае і сам знаходзіць ў ёй шмат чаго прывабнага.

Галоўныя героі п’есы “Прымакі” Трахім Сініца і яго сябар Максім Кутас увесь дзень пілі ў шынку.Там яны паспрачаліся, чыя жонка горшая, прычым кожны даказваў, што горшая іменна ў яго,  а лепшая – у сябра. Не прыйшоўшы да згоды, сябры задумалі праверыць гэта, памяняўшыся жонкамі. Так і зрабілі…

У спектаклі занятыя : заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Ліхачова (Дар’я), артысты Генадзь Гайдук (Трахім Сініца), Аляксандр Фралоў (Максім Кутас), Раіса Грыбовіч (Маладзіца) , Юрась Цвірка (Гаспадар), Георгій Лойка (Яўмен), Антон Мінчык (Мікіта), Яўген Лук’янаў (Саўка), Яўген Бераснеў (Мацейка), Святлана Жукоўская (Паланея), Анжаліка Баркоўская і Алена Шарэпчанка (Даміцэля), Тамара Краснабаева-Чарняк і Юлія Крашэўская (Кацярынка) , Наталля Аладка (Грыпіна) і іншыя.