7 снежня Re1ikt зноў у Віцебску на занятках курсаў “Мова нанова”! Выканаем даўнія і новыя песні з альбома “Kufar”. У праграме добры настрой і сюрпрызы. Уваход вольны! 

Альбом “Kufar” запісваўся ў Польшчы паралельна з ухваленым крытыкамі ды слухачамі дыскам “Лекавыя травы” (лепшы беларускі рок-альбом мінулага года) і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным. У яго ўвайшлi і шматлікія бонус-трэкі “незвычайнага” Re1ikt, які заўсёды эксперыментуе.

“Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой”, – распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.

Re1ikt – гурт, які працуе ў напрамку world rock, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.

Да хуткай сустрэчы, сябры! Чакаем на кожнага!