Казка на 2 дзеі для дзяцей ад 6 год

Н. Гернет

Сцэнаграфія Алеся Сідарава 
Лялькі і касцюмы Ганны Сідаравай
Пераклад Пятра Ламана
Музыка Алега Залётнева

Старонкі чароўнай казкі разгортвае для вас таямнічы Усход. Шумлівы кірмаш пад пякучым паўдзённым сонцам змяняецца на ціхую засень у садзе султана, зберагаемую маўклівымі ахоўнікамі. Падземная вязніца з тоўстымі кратамі — на сляпучы бляск каштоўнасцяў. Злыя героі — хцівыя, жорсткія, вынаходлівыя ў сваёй падступнасці. Добрыя — прыгожыя, вясёлыя і яшчэ больш вынаходлівыя. Гучаць незразумелыя словы магічных заклёнаў, і здзяйсняюцца цуды: іскрыцца агонь, расступаюцца горы, будуюцца і пераносяцца з месца на месца палацы з залатымі калонамі. Аддайцеся варажбе ўсходняй казкі — і яна змусіць вас паверыць у магутнасць маленькага чалавека, што кіруе агромністым Джынам, хоць не дастае таму нават да каленяў.

Ад гарадскіх сцен нібы патыхае водарам халвы і іншых салодкіх прысмакаў. Кожная лялька мае свой непаўторны характар, нават вослік з рыбаю, што пацешна перабірае нагамі, неахвотна ступаючы за гаспадаром. А па-над казачным Халіданам, нібы зоркі за празрыстымі аблачынкамі, успыхваюць і мігцяць дробныя зеленаватыя агеньчыкі, адлюстроўваючыся ў вачах зачараваных гледачоў.

Точки продаж: У касе тэатра: вт.-пт: з 10:00 да 18:00, сб.-ндз.: з 10:00 да 13:00;
+375 (212) 66-90-77