2 лютага ў Віцебску адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Кірыла Стаселька Marginalis, якая стала рэкардсменам беларускай літаратуры. Акрамя таго, як папяровая, так і электронная версіі рамана ужо паспелі стаць бэстсэлерамі на oz.by ды kniharnia.by.

Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясятка краінаў, пазл з мноства сюжэтных ліній і філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.

Дзеянні рамана разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях, па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі.

Раман Marginalis быў прызнаны самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане аб'ёмам 251 944 знака сустракаецца не менш за 136 персанажаў. Рэкорд быў зафіксаваны беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса — праектам «Рэкорды Куфара».

Прэзентацыя адбудзецца 2 лютага ў 18:30 у арт-пабе «Торвальд». Уваход вольны.