Ужо сама назва спектакля сведчыць пра тое, што сюжэт яго будзе адрознівацца ад традыцыйнага, напісанага французскім казачнікам. Кажуць, Шарль Перо пісаў свой твор у той час, калі ў Францыі сапраўды існаваў небяспечны і жахлівы Воўк - людаед. Казка са шчаслівым фіналам павінна была супакоіць дзяцей, пазбавіць іх страху.

А ў тэатры «Лялька» гісторыю пра дзяўчынку і Ваўка распавядаюць лялечнікі - людзі вясёлыя і лагодныя. І вырашаюць яны ўсё зрабіць па-свойму. Для пачатку пазбавіцца ад Ваўка - галоўнага парушальніка спакою. Аднак Воўк аказваецца не такім прасцячком. Вось праз гэта і пайшла казка кубарам. І на сцэне, і ў зале пануе вясёлая мітусня. І ўсе гледачы да апошняга ўдзельнічаюць у выратаванні гераінь. Весялосць, непрадказальнасць сюжэту, маляўнічыя лялькі - марыянеткі робяць спектакль адным з найпапулярнейшых у гледачоў «Лялькі».

Источник: lialka.by