Першая выстава прац беларускіх музыкаў «Музыка без межаў» пройдзе ў віцебскай прасторы VZAP з 30 красавіка па 14 траўня. Падзея закліканая паказаць розныя грані самавыражэння творчай асобы, а таксама паразважаць над актуальнай для Беларусі праблемай свабоды творчасці і яе межаў.

Падчас выставы можна будзе ўбачыць карціны і малюнкі Лявона Вольскага, лідара гурта «Крама» Ігара Варашкевіча, гурта «Палац» Алега Хаменкі, фронтмэна брэсцкіх панк-зорак «Дай дарогу!» Юрыя Стыльскага, Андруся Такінданга (Recha, Harotnica), Ганны Жданавай (Lilac), лідара гурта Znich Алеся Таболіча, Сяргея «Скрыпы» Скрыпнічэнкі (Žygimont Vaza) і Аляксандра Дземідзенкі (Re1ikt).

Усе музыкі граюць у розных стылях, аднак, як высветлілася, іх аб'ядноўвае выяўленчае мастацтва. Як зрэшты і іншых музыкаў свету. Малявалі не толькі беларускія вакалісты, гітарысты і бубначы, але і многія сусветныя зоркі. Джон Ленан, Пол Макартні, Джымі Хендрыкс, Джэніс Джоплін, Джым Морысан, Сід Барэт, Том Ёрк, Джоні Кэш, Бона, Фрэнк Сінатра і нават нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Боб Дылан вядомыя ў тым ліку і сваімі мастацкімі працамі. Што натхняе беларускіх музыкаў у выяўленчым мастацтве, можна будзе пабачыць ў VZAP.

Увага! Выстава працягнецца толькі 14 дзён! Адкрыццё адбудзецца 30 красавіка ў 17:00 і будзе суправаджацца сустрэчай з мастакамі. Сама экспазіцыя будзе даступная да 14 траўня.

Час працы выставы: 12:00-19:00. Уваход 1 рубель. Інфалінія: +375 (25) 913-38-76.