4 мая ў Віцебску адбудзецца прэзентацыя крэатыўных ідэй і культурніцкіх праектаў у межах конкурса «Кірмаш праектаў: Гарадскія прасторы Віцебска».

У красавіку кампанія «Будзьма беларусамі!» разам з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарадскога выканаўчага камітэта Віцебска ў чацвёрты раз абвесцілі «Кірмаш праектаў», які стаў у Віцебску ўжо традыцыйныйнай з’явай. Цягам месяца збіраліся прапановы, ідэі і гатовыя праекты для насычэння і развіцця гарадскіх святаў. Кожны ахвочы мог далучыцца да стварэння адметнай святочнай атмасферы, даслаўшы нам свае прапановы.

Тэма «Гарадскія прасторы». Усё часцей і часцей у Віцебску адбываюцца культурніцкія імпрэзы, якія даюць новае напаўненне гарадскім прасторам. Так, у 2014-2016 гг. паркі, дворыкі, музеі, майстэрні ажывіліся рознымі мерапрыемствамі, якія прадэманстравалі, як можа змяняцца і пашырацца звыклая функцыя гэтых пляцовак, а гараджане самі могуць ствараць адметныя гарадскія святы.

Таму сёлетні «Кірмаш праектаў» найперш быў закліканы з дапамогай культурніцкіх актыўнасцяў пераглядзець падыходы і рэалізоўваць смелыя прапановы дзеляразнастайвання і паляпшэння крэатыўнай атмасферы Віцебска, а таксама яго турыстычнай прывабнасці

4 мая адбудзецца прэзентацыя і абмеркаванне 10 разнастайных ідэй сярод якіх пераасэнсаванне народнага тапоніма «Сіні дом», спроба ператварыць таксафонныя будкі ў арт-аб’екты, вулічная выстава страчаных помнікаў архітэктуры і шмат іншых. Аўтары змогуць прадставіць свае задумы шырокай публіцы, атрымаць парады экспертаў і народную ацэнку, сустрэцца з зацікаўленымі людзьмі. Найлепшыя з прапаноў будуць уключаныя ў праграмы гарадскіх святаў на адміністрацыйным узроўні.

Пасля прэзентацыі экспертная рада цягам тыдня адбярэ найбольш цікавыя задумы з канкрэтнымі крокамі па рэалізацыі і акажа ўсемагчымую дапамогу ў іх рэалізацыі.

Віцебская абласная бібліятэка, актавая зала (вул. Леніна, 8а). Пачатак а 18:00. Уваход вольны!

Даведкі: +375 (25) 913-38-76