Святлана Навуменка. Інтэрактыўная казка для дзяцей і іх бацькоў.

Хто з дзяцей і дарослых не ведае казку пра курыцу Рабу? Памятаеце, яна абяцала знесці залатое яечка наўзамен разбітаму, простаму? Спектакль — працяг вядомага з калыскі сюжэту. Толькі тут іншыя героі — вечна галодны і няўдачлівы Воўк-паэт, хітрая і сквапная Ліса ды цікаўнае да ўсяго на свеце Кураня.

Лясныя драпежнікі спадзяюцца, што са скрадзенага залатога яйка вылупіцца курыца, якая зможа знесці вялікае багацце. Але дзіцятка аказалася пеўнічакам. Што рабіць Ваўку і Лісе? З’есці Кураня? А можа, разам выхоўваць яго, кінуць сварыцца і стаць больш сардэчнымі, чулымі і клапатлівымі…

Вясёлы, дынамічны, гарэзлівы, напоўнены музыкай, песнямі і танцамі, спектакль будзе цікавы не толькі для маленькіх гледачоў. Часам і бацькам няшкодна павучыцца ў сваіх дзяцей дабрыні, любові, спагадзе.

«Дзеці, прыводзьце на спектакль «Залатое сэрцайка» сваіх бацькоў!»

Пастаноўка, музычнае афармленне і пластыка Святланы Навуменкi.
Сцэнаграфія і касцюмы Юрыя Саламонава.
Мастакі па святле — Міхаіл Лавiцкi, Яўген Куляшоў.