Кампанія «Будзьма беларусамі!» сумесна з аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарвыканкама правяла ў Віцебску «Кірмаш праектаў». Гараджане прапанавалі на ім шмат яркіх ідэй. Агляд гэтых прапаноў зрабіў сайт budzma.by.
Першы «Кірмаш прапаноў» прайшоў у Віцебску ў 2014 годзе. Тады ідэі гараджан паспяхова дапоўнілі праграму Дня горада і Дня моладзі. Летні маркет «Барадулінкі», фестываль актыўнага адпачынку «Свята ветру», турнір па футбольным фрыстайле «Вежа», Першая агульнагарадская фотасушка, «Спеўны сход», вулічныя майстар-класы па танцах — гэтыя падзеі ўзбагацілі афішу Віцебска. Агулам за ўвесь час месцічы прадставілі больш за 20 ідэй.
«Праекты, якія сёння пад’ёмныя, мы рэалізуем у рамках свята горада альбо цягам года», — выказала сур’ёзныя намеры і на сёлетні кірмаш загадчыца аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Наталля Шыёнак.
Расфарбаваныя таксафоны
«Таксафоны выйшлі з ужытку. Мы прапануем не дэмантаваць іх, а зрабіць знакавымі», — выступіла першая ўдзельніца Наталля Дагіль. Праект «Крэатыўны таксафон» яна зрабіла разам з Аляксандрам Канашонкам.

У Віцебску 187 таксафонаў. Па словах аўтараў праекта, сёння імі карыстаюцца толькі вайскоўцы і хто-ніхто з турыстаў. Рэлікт навукова-тэхнічнага прагрэсу Наталля і Аляксандр хацелі б ператварыць у арт-аб'екты. Можа, не ўсе, але прынамсі тыя, што ў цэнтры горада і ўздоўж пешаходных вуліц. Маладыя людзі паказалі прыклады з расійскай Пярмі і бразільскага Сан-Паўлу, а ў Беларусі такога яшчэ не было!
«Ёсць эскізы, ідэі, рукі. Патрэбна: дазвол ад аблвыканкама і „Белтэлекама“, партнёры і спонсары, матэрыялы, валанцёры», — падсумаваў Аляксандр Канашонак.
Вяртанне «сіняга дома»
Наступны праект таксама мае на мэце ўпрыгожыць гарадскую архітэктуру і шукае такія самыя рэсурсы (дазволы, фарбы, мастакі, спонсары). «Колер 28» будучага дызайнера Кацярыны Дарожка прадугледжвае перафарбоўку ў сіні колер сцяны дома па вуліцы Леніна, 28.

«Фраза «сустрэнемся каля «сіняга дома» добра знаёмая многім, хто нарадзіўся ў Віцебску. «Сіні дом» павінен быць не толькі на вядомай карціне Шагала, але і ўласна на вуліцы», — лічыць Кацярына Дарожка.
Вярнуць аўтэнтычны колер будынку, захаваць народны тапонім, уключыць дом у экскурсію, падняць настрой — такія задачы ставіць дзяўчына.
Падчас абмеркавання высветлілася, што віцябляне сабралі больш за 1000 подпісаў за тое, каб вярнуць дому сіні колер, і падалі петыцыю. «Чым гэта скончылася?» — спыталася каардынатар конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend Валерыя Ваўкагонава. «Ну… як і ўсе петыцыі. Нічым», — пад усмешкі прысутных адказала Каця.
Вулічная выстава фотафантомаў
Спаўняецца 420 гадоў з часу надання Віцебску Магдэбургскага права. Праект на гэтую тэму прадставіў Віктар Барысенкаў. Ён зрабіў фотарэканструкцыю знакавых будынкаў акурат таго перыяду, калі горад атрымаў самакіраванне: Ратуша, Успенская царква, базыльянскі манастыр, Фарны касцёл. Агулам 20 аб’ектаў.

Вулічную выставу «Віцебск: дыялог стагоддзяў» аўтар праекта хацеў бы размясціць на пешаходнай частцы вуліцы Суворава ў чэрвені, падчас Дня горада.
Валерыя Ваўкагонава выказала меркаванне, што праектам мусіў бы зацікавіцца горад, і параіла ісці наўпрост да ўладаў.
Інсталяцыя «Я люблю Віцебск»
Вольга Бізікава жадае павысіць пазнавальнасць горада ў сетках. Яна прапанавала інсталяцыю «Я люблю Віцебск», як у многіх гарадах.
Гэта магла б быць добрая праца для студэнтаў-дызайнераў: эскіз як патрыятычнае самавыяўленне маладых творцаў, да таго ж і каштаваць нічога не будзе.
Мапа Віцебска
Кірыл Сачанкоў і Таццяна Аліпчыкава ўжо намалявалі і надрукавалі пару пілотных асобнікаў мапы. Яны хацелі б выдаць 7000 экзэмпляраў на рускай, беларускай і англійскай мовах менавіта на паперы.

«Гэта не мабільны дадатак, калі няма інтэрнэту, не гайд, калі няма часу чытаць», — патлумачыла задуму Таццяна Аліпчыкава.
Гарадскія імпрэзы
Праект Вікторыі Падрэз з рамантычная назвай «Галава ў аблоках» прадугледжвае цэлы шэраг актыўнасцей: кніжныя падборкі і абмеркаванні, паэтычныя чытанні, кніжныя фэсты для дзяцей і дарослых, курсы татальнага дыктанта, публічныя чытанні з ліста.

На гэта нават і грошы не патрэбныя. Аўтарка шукае месца, каманду, журы-філолагаў, каб ацэньвалі паэтычныя чытанні.
«З пералічанага мы як мінімум чатыры пункты ўжо спрабавалі. Не аказалася сталага арганізатара, які гэта вёў бы. Мы будзем рады супрацоўніцтву», — адазвалася гаспадыня лофта VZAP Іна Багінская.
Зацікавілася і дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян: «Мы рабілі квэст. У нас таксама ёсць і планы, і рэалізаваныя ідэі. Што да месца, мы гатовыя супрацоўнічаць, калі арганізатар будзе працаваць. Ёсць зала. Калі мы працягнем рамонт, плануем на 2-м паверсе каворкінг-цэнтр».
«Арт-майстэрня»
«Арт-майстэрня» Мікіты Вяжэвіча і Марыі павінна ўмацаваць імідж горада як сталіцы мастацтва і стварыць яшчэ адну прастору для творчага самавыяўлення гараджан.
«У мастацкай школе дорага ці сумна. Мы прапануем заняткі ў інтэрактыўнай форме ў памяшканні ці на прыродзе», — патлумачыў Мікіта Вяжэвіч.
З залы пачуліся скептычныя заўвагі наконт унікальнасці ідэі, але Мікіта адстаяў пазіцыю: «„Школа Малевіча“ — цэннік 139 рублёў троху палохае».
«Навуковы марафон»
Калі аўтары праекта «Навуковы марафон у Віцебску» Паліна Кройтар і каманда «Навука па-за сабой» рэалізуюць сваю ідэю, неабходнасць ехаць у Варшаву ў вядомы Цэнтр Каперніка знікне.

Навуковае кафэ, малекулярная кухня, лекцыі, віктарыны, тратуарная астраномія — такія актыўнасці прапануе праект.
«Папулярызацыя навукі — спосаб наладзіць кантакт паміж навукай і людзьмі. Гэта заўжды цікавыя тэмы, пададзеныя простай мовай, і магчымасць атрымаць веды па-за школай ці «ўніверам», — абгрунтавала актуальнасць ідэі Паліна Кройтар.
У праекце ўжо ёсць 6 чалавек, патрэбныя валанцёры. Таксама Паліна шукае падтрымку ўніверсітэтаў.
З залы чуваць асцярога, што людзі на такое не будуць хадзіць. Годны адказ дала дырэктар навукова-тэхнічнай бібліятэкі, дзе ўжо праводзіліся навукова-папулярныя лекцыі: «Калі мне прапанавалі гэты праект, я захапілася. На лекцыі пачалі прыходзіць 40, 60, 115… Цалкам розныя людзі! На лекцыі па астраноміі была чарга да тэлескопа. Людзі ў чарзе па веды!».
Добраўпарадкаванне Юр’евай горкі
Лесапарк Юр’ева горка ў Віцебску мае плошчу 22 га і… кучу смецця. Анастасія Балотнікава паказала сумныя фота забруджанай зялёнай зоны. Дзяўчына прапанавала праводзіць там прыборкі, усталяваць таблічкі і сметніцы. А пасля праводзіць у гэтым месцы розныя цікавыя імпрэзы.
Читайте также:Дизайнеры придумали площадки для отдыха в стиле супрематизма. Эти идеи покажут витебчанам